Дзень нязгоды з антыкрызіснымі рашэннямі прайшоў у Расеі. У Маскве акцыя апазіцыі была несанкцыянаваная: у выніку затрымалі больш за 40 чалавек. Аднак былі і тыя, хто мітынгаваў без перашкодаў, але толькі таму, што выступаў, каб падтрымаць палітыку дзейнай улады Расеі. За акцыямі "за" і "супраць" назіралі нашыя карэспандэнты.
Трыццаць першага студзеня расейская апазіцыя абвесціла Днём нязгоды. Нязгоды з палітыкаю Крамля.
МАЦВЕЙ, УДЗЕЛЬНІК МІТЫНГУ:
"Мы прыйшлі, каб пратэставаць супраць гэтай улады, якая не ў стане клапаціцца пра свой народ!"
Пратэсты і мітынгі прайшлі па ўсёй краіне. У Маскве выступы былі несанкцыянаванымі і да Крамля "нязгодных" не дапусцілі. Прыхільнікі ЛДПР сабраліся на Пушкінскай плошчы. Паслухаць Жырыноўскага прыйшлі каля 500 чалавек.
УЛАДЗІМІР ЖЫРЫНОЎСКІ, ЛДПР:
"Цяперашняя ўлада дзеіць на карысць фінансавых варацілаў. Калі пра народ падумае?"
Мітынг КПРФ сабраў удвая болей людзей. Генадзь Зюганаў выказаў сваё "Не! антыкрызіснай палітыцы ўраду ў перыяд крызісу".
ГЕНАДЗЬ ЗЮГАНАЎ, КПРФ:
"Ці мы хутка укладзем грошы, якія ёсць, у то, што жыве і працуе, ці заўтра яны прыпыняцца і будзе 10 млн беспрацоўных!"
БАРЫС КАШЫН, ДЭПУТАТ ДУМЫ:
"Мы не бачым канкрэтных захадаў нашага ўраду, каб зрабіць эканоміку канкурэнтаздольнай. Мы бачым, што яны не здольныя кіраваць. Таму мы не бачым іншага шляху, як выйсці на вуліцу і адстойваць свае базавыя правы".
Амонаўцы жорстка адлоўлівалі ўдзельнікаў мітынгаў, асабліва так званых "нацболаў", якія кідалі дымавыя шашкі. Усяго затрымалі 41 чалавека, сярод якіх лідэр нацыянал-бальшавікоў Эдуард Лімонаў.
У супрацьвагу апазіцыі ды каб прывабіць медыі "Единая Россия" таксама сабрала сваіх чальцоў. Паводле звестак міліцыі, на Манежнай плошчы ля Крамля прысутнічалі каля 5 тыс. Мітынг быў зарганізаваны ў рамках акцыі "Народ–Мядзведзеў–Пуцін – разам пераможам!". Не абышлося і без уручэння партбілетаў.
ГЛЕБ ЯКУШАЎ, СЯБРА "ЕДИНОЙ РОССИИ":
"Толькі зараз мы атрымалі партбілеты. Так цудоўна атрымалася, што ўручылі іх нам падчас мітынгу!"
Сёння ў Маскве ў чарговы раз пацвердзілася: чыя ўлада, таго і Крэмль – таму і дазволеныя дэманстрацыі ля яго!
Алесь Беразюк, Масква; Аліна Коўшык, “Аб'ектыў” БелСат