У кітайскага прэм’ер‑міністра Вэня Цзябао запусцілі красоўкай падчас яго візіту ў Брытанію.
Вэнь Цзябао выступаў у панядзелак з прамовай у Кэмбрыджскім універсітэце, калі малады чалавек, што знаходзіўся ў зале, нечакана шпурнуў у яго чаравік.
Абутак прызямліўся больш чым у метры ад Вэня Цзябао.
Перад тым, як шпурнуць красоўку, малады чалавек закрычаў: «Як універсітэт можа поўзаць перад гэтым дыктатарам?»
Але аўдыторыя не падтрымала гэты ўчынак. Калі хлопца выводзілі з залы, многія крычалі яму «Сорам і ганьба».
Выпадак у Кембрыджы нагадаў інцыдэнт, што здарыўся з Джорджам Бушам падчас ягонага апошняга візіту ў Ірак, калі тамтэйшы журналіст запусціў у яго таксама чаравіком.