Беларусы будуць ваяваць у «гарачых кропках»?
20:40, — Палітыка
Паводле аднаго з пунктаў падпісанага на паседжанні кіраўнікоў дзяржаў АДКБ дамовы, «пры неабходнасці» беларускія вайскоўцы могуць паехаць у «гарачыя кропкі».
Дамова аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання 4 лютага падпісалі прэзідэнты Расеі, Беларусі, Арменіі, Кыргызтана, Казахстана, Таджыкістана і Ўзбекістана. Месцам дыслакацыі аператыўных сіл прызначаныя дзве дывізіі паветрана-дэсантных войскаў у Іванаўскай і Ўльянаўскай абласцях Расеі.
Аднак у «мірны час» там будуць толькі расейскія аддзелы, беларускія, армянскія і іншыя падпадзяленні будуць дыслакавацца на сваіх тэрыторыях і пад сваім камандаваннем, сказаў у інтэрв'ю «Еўрарадыё» прэс-сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы Віталь Стругавец.
«І толькі ў пэўныя моманты, у крызісныя сітуацыі, калі неабходна будзе задзейнічаць, толькі тады яны будуць трапляць пад адзінае камандаванне, якое створыць Савет калектыўнай бяспекі, і будуць накіроўвацца ў пэўныя рэгіёны для выканання пастаўленых задач. А ў мірны час яны будуць знаходзіцца на нацыянальных тэрыторыях пад нацыянальным камандаваннем», - заявіў ён.
Аднак гэта супярэчыць учорашняй заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі наконт таго, што «рэальны ўдзел Беларусі ў Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ будзе забяспечвацца, як, увогуле, і забяспечвалася да гэтага часу, сіламі беларуска-расейскай сумеснай групоўкі войскаў на заходняй зоне адказнасці АДКБ».
Удзел беларускіх вайскоўцаў у «гарачых кропках» за межамі рэспублікі забаронены заканадаўствам Беларусі, падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.
Але, як сталася, гэтая перашкода - часовая. Па словах прэс-сакратара АДКБ Віталя Стругаўца, у 7-м пункце дакумента, падпісанага ў Маскве ў тым ліку і Аляксандрам Лукашэнкй, гаворыцца аб магчымасці занясення змен у заканадаўства.
«Дакумент падпісаны Аляксандрам Рыгоравічам, а там вядзецца, што ў выпадку неабходнасці будуць занесеныя змены ў нацыянальнае заканадаўства. Адпаведна, гэты пункт, спадзяемся, таксама будзе выконвацца. А на сённяшні дзень заканадаўства рэспублікі забараняе, Андрэй Папоў абсалютна правільна сказаў», - пацвердзіў Віталь Стругавец.
Дарэчы, як адзначыў прэс-сакратар АДКБ, калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання будуць складацца не толькі з вайсковага кампанента, але і са спецыяльных падпадзяленняў. Таму беларускі АМАП (а таксама іншыя падпадзяленні, напрыклад, МНС) могуць дзейнічаць за мяжой і без змены нацыянальнага заканадаўства.
Начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў раменчык «супакойвае» - у Маскве было прынятае «палітычнае рашэнне», а ўсе дэталі яшчэ будуць узгадняцца спецыялістамі. Што датычыцца службы беларускіх вайскоўцаў за межамі краіны, то Раменчык запэўнівае, што ўсё будзе адбывацца «ў межах беларускага заканадаўства». Паводле Хартыя'97
|